Калі звычайны тэрмометр паказвае плюс дваццаць пяць, то на жніве гэты градус можна смела памнажаць на два. Нічога дзіўнага: уборачная кампанія ў прамым і пераносным сэнсе - пара ну вельмі гарачая. Хлеб ніколі не даваўся проста так: аграрыі ведаюць, колькі ён каштуе на самай справе. На полі філіяла «Сервалюкс Агра» Магілёўскага раёнамы пераканаліся: у мясцовых хлебаробаў зараз кожная пагодлiвая хвіліна на асаблівым уліку. Бо яна набліжае сялян да галоўнай мэты: убраць ураджай у поўным аб’ёме і ў самы аптымальны тэрмін.
Для старэйшага камбайнера Аляксандра Мая сёлетняе жніво - дваццаць трэцяе па ліку. Як заўсёды, у сезон ён паспеў загарэць так, што турыстам на берагах паўднёвых мораў і не снілася. Механізатар прызнае:
- Быць за штурвалам камбайна ўвесь светлавы дзень нялёгка. Аднак іншы рэжым не ўстановіш: хлеб не будзе чакаць, пакуль мы адпачнём. Так што водпуск па традыцыі будзем браць недзе восенню.
Вось ужо другі год, як яго экіпаж стаў сямейным: на вахту разам з бацькам заступіў сын Павел. Працу механізатара хлопец асвоіў яшчэ ў Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы імя Арлоўскага. Аднак і практычныя парады бацькі аказаліся не лішнімі. Зараз яны разумеюць адзін аднаго амаль без слоў. Наогул, на доўгія і не вельмі размовы часу цяпер няма. «Дадому, - не скрывае Аляксандр, - вяртаемся апоўначы. А ў шэсць гадзін раніцы зноў за штурвалам».
Працуюць Аляксандр і Павел Май на камбайне «Палессе», якому восем гадоў. Аб надзейнасці тэхнікі ў першую чаргу клапоцяцца самі. Пасля доўгай працоўнай змены пераглядаюць асноўныя вузлы і дэталі, каб быць упэўненымі, што новы дзень не прынясе нежаданых сюрпрызаў. Акрамя таго, за кожным з камбайнаў, што шчыруюць на палях «Сервалюкс Агра», замацаваны і слесары. Таму, зазначыла прафсаюзны лідар гаспадаркі Марыя Старасотнікава, яны і працуюць без збояў. Кіраўніцтва філіяла таксама клапоціцца і аб тым, каб хлебаробы былі сытыя. Гарачыя абеды на палеткі дастаўляюць два разы на дзень, прычым больш як палову іх кошту кампенсуе гаспадарка. «Баявы дух» саміх механізатараў падтрымлівае і традыцыйнае спаборніцтва. Сцягі ў гонар перадавікоў паднімаюцца кожны дзень. Марыя Мікалаеўна кажа:
- Не раз такім чынам мы ўшаноўвалі экіпаж Мая. Ёсць і другія лідары, у тым ліку наш тысячнік Андрэй Чулкоў.
Аляксандр і Павел таксама за адзiн крок ад статусу тысячнікаў. Наогул, у іх актыве шмат узнагарод - ад кіраўніцтва гаспадаркі, раёна. Дарэчы, у філіяле «Сервалюкс Агра» ёсць і іншыя добрыя работнікі, якія носяць прозвішча Май. У гэтым спісе другі сын Аляксандра - Вячаслаў. Ён заняты ў будаўнічым цэху. Яшчэ родны брат Сяргей, які працуе кіроўцам на адвозе зерня. «Старэйшае пакаленне гэтай сям’і таксама працавала ў сельскай гаспадарцы, - падзялілася Марыя Старасотнікава. - І паказвала сваім дзецям і ўнукам прыклад таго, як трэба адносіцца да справы. Дарэчы, працы Маі ніякай не баяцца. Аляксандр і яго брат, для прыкладу, сваімі рукамі пабудавалі сабе дамы ў вёсцы Залессе, дзе зараз з сем’ямі і жывуць».
Маштабы сёлетняга жніва ў філіяле вялікія. Толькі пшаніцы - азімай і яравой - трэба ўбраць каля дзвюх з паловай тысяч гектараў. Узятыя тэмпы ўжо дазволілі засыпаць у засекі каля чвэрці вырашчанага хлеба. Сама гаспадарка разам з «Зарой», «Цішоўкай», «Усходам» - у спісе лідараў уборачнай кампаніі Магілёўскага раёна. Разлiкi на ўраджай даволі добрыя: у сярэднім па раёне атрымліваецца каля 36 цэнтнераў з гектара. Пакуль гэта папярэднія даныя, і лічба можа змяніцца, прычым у бок павелічэння. Начальнік аддзела камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Лілія Гулінскаязадаволеная ходам уборачнай:
- Жніво ў Магілёўскай вобласці ідзе ў добрым тэмпе. Надзвычайных сітуацый, збояў у працы няма. Спадзяёмся, што і надвор’е нам таксама паспрыяе. Усяго з палеткаў вобласці ўбралі пятую частку хлеба. А паўднёвыя раёны, дзе кампанія пачалася раней, і больш. Кіраўскія хлебаробы, напрыклад, пераадолелі планку ў сорак працэнтаў. І бабруйскія аграрыі ўбралі амаль такую ж колькасць хлеба.
Ураджайнасць у вобласці лепшая, чым у мінулым годзе: у сярэднім атрымліваецца звыш 34 цэнтнераў з гектара. Пакуль раёнрэкардсмен - Шклоўскі. Паказчык мясцовых аграрыяў у 52,5 цэнтнера з гектара да гэтага часу яшчэ ніхто не пераадолеў. Аднак ёсць падстава для гонару і ў хлебаробаў Круглянскага, Горацкага раёнаў. У іх паказчыкі па ўраджайнасці адпаведна звыш 44 і 41 цэнтнера з гектара.